Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.by

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Кальвiнскі збор, каплiца-пахавальня роду Завішаў
Кухцічы, Менскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Кухцiчы (Першамайск) Гiпатэтычная графчная рэканструкцыя былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Выгляд на пачатак XXст.

Лічыцца, што гэты храм пабудаваны ў 1560-1570-я на сродкі тагачаснага ўладальніка в. Кухцічы Мацея Кавячынскага, вядомага кальвініста, паплечніка гуманiста i асветнiка Сымона Буднага.

Таксама даследчыкi звяртаюць увагу на блізкасць архітэктурнага вырашэння кухціцкага і смаргонскага кальвінскіх збораў, што дапускае блiзкасць па часу даты іх пабудовы. А ўжо напрыканцы 16ст. нашчадак Крыштаф Кавячынскi наказаў асвяцiць храм як каталiцкi касцёл, былы кальвiнскi збор быў рэканструяваны i прыстасаваны пад каплiцу-пахавальню iтальянскiм архiтэктарам Карлам Спампанi. Суворы пратэстанцкi выгляд быў зменены - даданы новыя аб'ёмы апсiды i прытвора з вежамi з абедзьвух бакоу ад увахода, вядучыя на другi ярус, у дэкоры былi даданы ляпныя гiрлянды, пiлястры, над уваходам быў размешчаны ляпны геральдычны картуш, з процiлеглага боку пад алтарнай часткай быў створаны склеп-пахавальня.

Згодна з даследваннямi А. М. Кушнярэвiча ("Культавае дойлідства Беларусі XIII-XVI стст. Мінск, "Навука і тэхніка", 1993 г.), аб'ёмная кампазiцыя храма складаецца з асноўнай часткi, якая мае ўнутры акруглую, а звонку шматгранную (12-цiгранную) форму з шатровым завяршэннем даха, а таксама апсiды i прытвора (пазнейшыя прыбудовы). Па вуглах прытвор фланкiраваны дзвюма вежамi цылiндрычнай формы.

Сцены пабудаваны ў тэхнiцы раўнаслойнай муроўкi з цэглы (27-27.5 х 13-13.5 х 6.5-7см.) на вапнава-пясчанай рошчыне. Аналагiчнага фармата цэгла ўжыта ў Троiцкiм касцёле ў Клецку, Петрапаўлаўскiм касцёле у Новым Свержнi. Вежы ўзведзены ў тэхнiцы тычковай муроўкi з цэглы, рошчына па складу блiзкая да ўжытай ў сценах храма. Памiж падмуркамi вежаў i прытвора перавязка адсутнiчае. Яна таксама не прасочваецца i памiж сценамi. гэта дазваляе сцвярджаць, што вежы прыбудавалi ў хуткiм часе пасля ўзведзення асноўнага аб'ёма храма.

У iнтэр'еры сцены разчлянёныя канелiраванымi пiлястрамi i завершаны гзымсам. звонку на галоўным фасадзе святыню упрыгожваюць плоскiя лапаткi i ляпныя геральдычныя выявы над уваходам, сцены галоўнага фасада прарэзаны вокнамi прамавугольнай формы з паўцыркульным завяршэннем, у галоўным аб'ёме храма - вокнамi акруглай формы, у апсiдзе - круглымi люкарнямi.

Першапачаткова падлога была высцелена, напэўна, з тэракотавых i зялёных палiраваных плiтак (18 х 18 х 3см.), якiя ляжалi ў шахматным парадку. Гэтыя плiткi выяўленыпадчас археалагiчнага вывучэння помнiка. Зараз з-за пераробкi верхнiх частак сцен цяжка сказаць, цi былi iнтэр'еры перакрыты мураванымi скляпеннямi (на дадзены момант - плоская драўляная столь). Шырокiмi лучковымi аркамi асноўны аб'ём храма злучаецца з апсiдай i прытворам, як i крыху меншымi аркамi на узроўнi другога яруса, злучаючы залу з хорамi над прытворам. Цылiндрычныя скляпеннi апсiды i крыжовыя скляпеннi ў прытворы ўзведзены, вiдаць, у XIXст. Тады ж была надбудавана апсiда да ўзроўню першапачатковага гзымса, пад алтаром знаходзiца крыпта.

Апошняй ўладальніцай маёнтка Кухцчы стала Марыя-Магдалена Завіша-Кежгайла,якая абралася шлюбам з Мікалаем Вацлавам Радзівілам (першы шлюб быў з графам Людвiгам Крысiнскiм). Ўладальніца маёнтка актыўна займалася мецэнацтвам і філантропiяй, актыўна падтрымлівала беларускія культурныя супольнасці, прафінансавала будаўніцтва некалькіх храмаў і манастыроў.

Першая сусветная вайна зрабіла Магдалену ўдавой ў другі раз, пахаваны Мікалай Радзівіл быў у той самай фамiльнай крыпце ў Кухцічах. Гэта было апошняй буйной падзеяй ў гісторыі храма ў Кухцiчах - цырымонія пахавання была вельмі ўрачыстая. З 1918 г., пасля абвяшчэння БНР, горача падтрымліваемай княгіняй, у яе маёнтках пачынаюцца частыя выступленні, бунты, пагромы, неўзабаве Магдалена Радзiвiл аказваецца пад пагрозай арышту з боку бальшавіцкай улады i княгіня была вымушаная пакінуць радзiму. Пазней спрабавала вярнуцца ў Менск, але атрымала адмову ад савецкіх уладаў i апошнія гады жыцця правяла ў манастыры сясцёр Дамініканак у Швейцарыi, дзе і скончыла свае дні 6 снежня 1945 года.

Пасля рэвалюцыйных падзей храм ў Кухцiчах быў разрабаваны i зачынены i ў такiм выглядзе прастаяў да 1938г., пакуль на базе былога маёнтка не быў створаны калгас, а непасрэдна ў былой святынi - электра падстанцыя МТС, дзе быў размешчаны малы рухавiк, працуючы на мазуце.

У гэты ж час крыпту з разрабаваным раней гробам з парэшткамi князя Радзiвiла замуравалi. У савецкі час вакол былой сядзібы вырас пасёлак Першамайск. Цяпер тут месцiцца Уздзенскі сельскагаспадарчы вытворчы ліцэй, былы маёнтак забудавалі сучаснымі адміністрацыйнымі будынкамі, інтэрнатамі. Былыя флiгелi застаўшыяся ад сядзiбы i храм знаходзяцца ў занядбаным стане.

Варта зазначыць, у 1990-х быў праведзены рамонт i заменены дах над каплiцай, што выратавала будынак ад больш iмклiвага руйнавання, але сама яна па гэты дзень ніяк не выкарыстоўваецца, і рэстаўрацыя яе, на жаль, пакуль не праведзена. У пачатку 2015г. спецыяльная камісія Міністэрства культуры пасля абследавання дало дазвол на правядзенне першасных работ па кансервацыі.

Сам помнiк ажно з 2001г. уключаны ў мiжнародны каталаг "Помнiкi cвету", дзе пералiчаны у шэрагу з сотняй агульнавядомых сусветных помнiкау архiтэктуры, якiм пагражае незвяротнае руйнаванне i знiшчэнне. У ліпені 2017г. у былой кухцiчскай святынi часова размясцілі прах Марыі Магдалены Радзівіл. Па завяшчанні з Фрыбургу (Швейцарыя) астанкі памерлай арыстакраткі, мецэнаткі і актывісткі беларускага Адраджэння пачатку XX стагоддзя перапахаваны ў касцёле св. Роха ў Мінску.

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Кухцiчы (Першамайск) Выявы былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Фота 1970-х гг. Аўтар - Л. Каледзiнскi, апублiкавана - артыкул К. Гусевай - Узда и окрестности. Часть 2. Кальвинский сбор и усадьба Завишей на vedi .by Кухцiчы (Першамайск) Выявы былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Фота 1970-х гг. Аўтар - Л. Каледзiнскi, апублiкавана - артыкул К. Гусевай - Узда и окрестности. Часть 2. Кальвинский сбор и усадьба Завишей на vedi .by Кухцiчы (Першамайск) Выява бакавога фасада былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Апублiкавана - А. М. Кушнярэвiч - Культавае дойлідства Беларусі XIII-XVI стст. Мінск, Навука і тэхніка, 1993 г., старонка 116 ; Фота аўтара. Электронны рэсурс - https://orda.of.by/.lib/kushnerevich/kdb/116 Кухцiчы (Першамайск) План былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Апублiкавана - Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока . Менск: Ураджай, 2001.— 87 стар. Электронны рэсурс - https://orda.of.by/.lib/gabrus/mh/87 Кухцiчы (Першамайск) План былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Апублiкавана - А. М. Кушнярэвiч - Культавае дойлідства Беларусі XIII-XVI стст. Мінск, Навука і тэхніка, 1993 г., старонка 116 ; Арх. - Г. Жаровiна. Электронны рэсурс - https://orda.of.by/.lib/kushnerevich/kdb/116 Кухцiчы (Першамайск) Выявы крыха з купала былога кальвiнскага збора, стаўшага пазней касцёлам, каплiцай-пахавальней роду Завішаў. Фота - Алега Караткевiча, апублiкавана - артыкул К. Гусевай - Узда и окрестности. Часть 2. Кальвинский сбор и усадьба Завишей на vedi .by Смаргонь Выява кальвiнскага збора, якi лiчыцца блiзкiм аналагам былому кальвiнскаму збору у Кухцiчах. Апублiкавана - А. М. Кушнярэвiч - Культавае дойлідства Беларусі XIII-XVI стст. Мінск, Навука і тэхніка, 1993 г., старонка 118 ; Фота - У. Суцягiна, 1983г. Электронны рэсурс - https://orda.of.by/.lib/kushnerevich/kdb/118


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук Аляксандр Невар, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...

Пошта:
###########gmail.com